САКРАЛІЗАЦЫЯ ТУРА РАННЕСЯРЭДНЯВЕЧНЫМІ СЛАВЯНАМІ І БАЛТАМІ
На
тэрыторыі Беларусі, а таксама Украіны, Польшчы, Літвы, заходніх абласцей Расіі
вядомы шэраг мікратапонімаў тыпу Турава гара, Турава гарадзішча, Турава магіла
і т. п., з якіх
некаторыя сапраўды з’яўляюцца гарадзішчамі. Каля паселішча Taurapilis («замак тура») у Літве, акрамя гарадзішча, маецца
курганны могільнік канца V ст., у якім апрача іншых рэчаў
знойдзены металічныя акоўкі ад рагоў тура. У Вільні (цяперашнім Вільнюсе)
размешчана Турава гара, з якой звязана летапісная легенда пра заснаванне ў
пачатку XIV ст. горада
князем Гедымінам пасля палявання, калі на гэтай гары ён забіў тура. Аднак, як
сведчаць археалагічныя матэрыялы, асноўныя часткі
будучай сталіцы былі заселены прынамсі яшчэ на пару стагоддзяў раней. У
славяна-малдаўскіх летапісах змешчана аналагічная легенда пра ваяводу Драгаша,
які ў сярэдзіне XIV ст.
прыйшоў з-за гор, праследуючы на паляванні тура, якога
забіў на беразе ракі Малдова, а потым вярнуўся са сваімі людзьмі на тое месца і
заснаваў Малдаўскую дзяржаву.
Да Х ст.
адносяцца знаходкі рагоў тура з металічнымі акоўкамі ў вялікіх курганах
Чарнігава (Чорная Магіла), у Шаставіцах, Гнёздаве, Усць-Рыбежна (у
Прыладажжы). У асноўным яны маюць аналогіі ў Швецыі і на востраве Готланд. У
Цэнтральнай і Паўночнай Еўропе рогі з металічнымі аправамі атрымалі
распаўсюджанне, пачынаючы з познелатэнскага перыяду і дасягнулі максімуму ў
перыяд рымскіх уплываў. Потым у перыяд Вялікага перасялення народаў гэта
традыцыя у Цэнтральнай Еўропе знікае, застаючыся толькі ў Скандынавіі і на
паўднёвым узбярэжжы Балтыкі. У Літве такія рогі з’явіліся ў ІІІ ст.,
кульмінацыя прыпадае на V–VI ст., а ў канцы І тыс. характэрныя толькі ў
землях жэмайтаў, земгалаў і куршаў, дажываючы ў апошніх да ХІІІ ст. Але
паводле пісьмовых звестак, у Жэмайтыі багатыя і знатныя людзі ўжывалі такія
рогі ў якасці кубкаў яшчэ у першай палове XVI ст.
У курганных
могільніках Пасожжа, верхняга Падняпроўя, нізоўях Заходняй Дзвіны, на
Смаленшчыне, у былых Пскоўскай і Наўгародскай землях сустракаюцца круглыя
металічныя падвескі з выявай галавы быка ў цэнтры, 7 фігурак вакол яе і 52
зярнёных кропак па перыметру падвескі. Галава тура
сімвалізавала каляндарны год, фігуркі–колькасць дзён у тыдні, а кропкі–колькасць
тыдняў у годзе. Падвескі трапляюцца толькі ў жаночых пахаваннях і
датуюцца ХІ–ХІІ ст. Арэал выпадковых знаходак такіх падвесак яшчэ шырэйшы,
а самая аддаленая знаходка паходзіць з паселішча вікінгаў Хедэбю (Haithabu, Hedeby) на
поўдні Ютландыі. У асноўным арэале падвескі сустракаюцца на помніках, якія
характарызуюцца змяшанымі славяна-балцкімі рысамі.
Выява галавы тура
атрымала распаўсюджанне і ў сярэднявечнай геральдыцы (гербы Малдовы, герцагства
Мекленбург, швейцарскага кантона Уры, шэрагу гарадоў).
Ад Беларусі да
Архангельска вядомая традыцыя называць турам слуп пры печы, з якім звязаны «стаўбавы» абрад вяселля і які ўвасабляў Сусветнае дрэва. У
міфалагічным плане тур лічыўся адным з увасабленняў бога навальніцы, хаця
адначасова ён мог быць звязаны з урадлівасцю і з салярнымі культамі.
тур,
славяне, балты, Турава
гара, бог навальніцы, рогі для піцця з металічнымі аправамі, падвескі з выявай
галавы быка.